У Берасці экспертыза ўстанавіла, што прададзеная ў Оршы машына не такая, якая праходзіць па дакументах. Аднак і аршанец, які валодаў аўтамабілем, як высветлілася, пра гэта ня ведаў, бо гісторыя каранямі сыходзіць яшчэ глыбей. А пачалося ўсё з таго, што берасцеец зрабіў падарунак 79-гадоваму бацьку. Ужываны аўтамабіль маркі БМВ ён набыў па аб'яве ў Оршы. Але радасць была зусім не доўгай — пры пастаноўцы транспартнага сродку на рэгістрацыйны ўлік у МРЭА ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама высветліліся некаторыя падрабязнасці "мінулага жыцця" аўто.
Пры аглядзе машыны ідэнтыфікацыйны нумар (VIN) выклікаў у інспектара падазрэнне: многія дэталі, згодна маркіроўцы, былі зроблены ўжо пасля выпуску самога аўтамабіля. У прынцыпе, такія абставіны маглі б мець месца, калі б яны аказаліся замененымі ў ходзе эксплуатацыі. Але... Словам, па факце была прызначаная экспертыза, паведамляе onlinebrest.by. Згодна з заключэннем спецыяліста Берасцейскага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз, VIN аўто быў зменены: фрагмент кузава з родным нумарам выдалены, і на яго месца прывараны новы. Хутка ўсталявалі і сапраўдны ідэнтыфікацыйны нумар машыны.
У ходзе следчай праверкі, якую праводзіў РАУС Ленінскага раёна Берасця, высветлілася, што выпушчаны ў 1997 годзе аўтамабіль БМВ быў цалкам іншай камплектацыі і нават не з бензінавым, як цяпер, а дызельным рухавіком і механічнай, а не аўтаматычнай скрыняй перадач. У 2011-м ён трапіў у сур'ёзнае ДТЗ, і ўладальнік вырашыў прадаць машыну на запчасткі. На гэтым яго гісторыя магла б і скончыцца. Але ў 2015-м «ўваскрослы» БМВ з гэтым жа VIN-кодам прымаецца на ўлік у Гомельскай абласной ДАІ. Затым новы ўладальнік перапрадае яго жыхару Оршы, які так сама без праблем рэгіструе аўто ў МРЭА ДАІ, а потым здымае з уліку і без усякай задняй думкі прадае берасцейцу.
Берасцейскія інспектары сталіся самымі пільнымі. Праліта святло і на цёмнае мінулае іншамаркі: пасля ДТЗ выразаная з яе кузава частка з ідэнтыфікацыйным нумарам была ўварана ў кузаў іншай машыны БМВ, аформленай па часовым увозе з-за мяжы без размытоўкі.
Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па ч.1 арт.381 (падробка або знішчэнне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку) КК РБ, якая прадугледжвае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў. Вось толькі караць нікога не давядзецца — у сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны адказнасць можа наступіць толькі ў першыя два гады з моманту выяўлення парушэння.
Што ж тычыцца няўдалай пакупкі, тут ёсць тры варыянты развіцця падзей: або МРЭА ДАІ усё ж такі вырашыць зарэгістраваць аўто без усялякіх абмежаванняў, ці ж — без права зняцця з уліку, гэта значыць продажу, на нейкі тэрмін, альбо і зусім у рэгістрацыі адмовіць. Тады новаму ўладальніку застанецца толькі прадаць аўто на запчасткі.