17 траўня любы жыхар Оршы можа прыняць удзел у добрай справе - ачышчэнні леса ад гор смецця. Прыборка будзе рабіцца ў лесе 1-га мікрараёна. Людзей запрашае добраахвотная ініцыятыва "Чыстая Орша - гэта так лёгка!". Збор прызначаны а 13:00 побач з крамай "Еўраопт" на вуліцы Сямёнава.
Арганізатары адзначаюць, што ў ініцыятывы няма ніякіх спонсараў, таму просяць удзельнікаў самастойна ўзяць з сабой пальчаткі і вялікія пакеты для смецця. У сваёй адозве да аршанцаў арганізатары пішуць:
"Аршанцы і аршанкі! Неабыякавыя да лёсу горада людзі! Наступіў гарачы сезон пікнікоў. Многія ходзяць у лес адпачываць і пры гэтым пакідаюць пасля сябе горы смецця. Дык чаму б не прыбраць ЗА САБОЙ І ДЛЯ СЯБЕ?! Кожны з вас можа ўнесці свой пасільны ўнёсак у выратаванне нашага прыгожага горада ад ператварэння на сметнік! Давайце разам пазбавім горад ад смецця!"