Сустрэча з аматарамі літаратуры была прымеркавана да яшчэ аднаго поспеху Зміцера Дзядзенкі - нядаўна пісьменнік стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі "Празрысты ЭОЛ" - прэмія ў галіне электроннай літаратуры.
Распачаў Зьміцер з уласных вершаў, працягнуў расповедам пра ўласную кнігу, якая ў свой час выклікала вялікі розгалас, "Гісторыі ў прыцемках". Зміцер зачытаў адно з апавяданняў, якое было апублікавана ў кнізе. Пасля гэтага Зьміцер "нарваўся" на пытанні не толькі па сваёй творчасці. Зайшла гаворка пра падзеі ў Оршы ў пачатку 20 стагоддзя, звязаныя з абвяшчэннем Беларускай народнай рэспублікі. Па гэтым пытанні Зьміцер прадэмантраваў амаль энцыклапедычныя веды, што і не дзіўна, бо аршанскія падзеі таго часу ён часткова выклаў у сваім творы "Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя". Праўда, сціпла агаварыўся, што звесткі гэтыя шукаў не ў архівах, як павінны рабіць краязнаўцы, а з ужо апублікаваных дадзеных - пачынаючы ад "Аршанскага весніка" да малатыражных навуковых кнігаў.
А далей пайшлі песні. Адну з песняў Зьміцера прапануем вашай увазе.