У №3 часопіса "Наша гісторыя" за 2019 год апублікаваны цікавы артыкул доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Гужалоўскага пра тое як ад імя беларусаў у 1936 годзе пісаўся ліст Сталіну. Пачыналася ўсё з таго, што ў 1936 годзе быў апублікаваны ліст Сталіну ад грузінскіх паэтаў. Сталін, гавораць, быў расчулены такім лістом і пасля таго аналагічныя лісты-паэмы пачалі пісаць "усе народы СССР". У траўні 1936 года работа над такім лістом пачалася ў Беларусі. Сам тэкст ліста было даручана пісаць творчай групе з 6 чалавек, пасля гэты тэкст мусіў абмяркоўвацца на сходах у працоўных калектывах і падпісвацца рабочымі.
Афіцыйна ліст у выніку падпісалі 3 мільёны жыхароў БССР пасля чаго тэкст быў вышыты на шолку, упакаваны ў адмысловую шкатулку і перададзены дыктатару. Здавалася б, усё фармальна і прыгожа, але, як высветліў Гужалоўскі, не ўсё было так проста.
Насамрэч, людзі не так аднадушна падпісвалі ліст, хаця ў 1936 ужо ішлі масавыя рэапрэсіі, але знаходзіліся смельчакі, якія прынцыпова выступалі супраць ліста. Прыклады такіх пратэстаў Гужалоўскі знайшоў у дакладной загадчыка сельскагаспадарчага аддзелу ЦК КП(б)Б Аляксандра Картункова на імя кіраўніка КПБ Мікалая Гікалы. У сваёй дакладной запісцы ён спачатку апісвае "інтузіазм з якім народ абмяркоўваў ліст Сталіну", праўда, не прыводзячы лічбы па якіх можна было б меркаваць пра такі інтузіазм, затое прыводзіць прыклады "як стаханаўкі адзначылі, што ў лісце апісаныя не ўсе дасягненні", як непісменная сялянка з Мсціслаўскага раёна спецыяльна навучылася пісаць, каб паставіць і свой подпіс пад лістом. І як адна з жанчын ахвяравала пры падпісанні ліста аж 50 рублёў! Тут варта зрабіць агаворку, што пры падпісанні ліста з рабочых утрымлівалі 2-3, а то і больш працэнтаў з заробку. У другой частцы дакладной Картукоў прыводзіць супрацьлеглыя прыклады - як людзі супраціўляліся падпісанню ліста Сталіну.
Сярод прыкладаў пратэстаў, якія прыводзіць Гужалоўскі ў сваім артыкуле большасць тычыцца суседніх з Оршай раёнаў. Напрыклад - пішацца ў дакладной на якую спасылаецца даследчык - у калгасах "Чапаеў", "Германскі пралетарыят", "Каменка" і імя Варашылава Круглянскага раёну падпісанне ліста было цалкам сарванае, а ў калгасе "Гарадзец" Сененскага раёна 40% прысутных на сходзе калгаснікаў адмовіліся падпісваць ліст. Прыводзяцца прыклады пратэстаў і ў іншых раёнах краіны. Напрыклад, у калгасе "Другая пяцігодка" Віцебскага раёна са 120 чалавек толькі 49 пагадзіліся падпісаць, астатнія падпісаліся толькі пасля таго як з'явіўся мясцовы сакратар райкаму партыі.
Цікава, што пасля таго як "Пісьмо беларускага народу вялікаму Сталіну" ўжо было падорана свайму адрасанту яно яшчэ некалькі разоў перапісвалася. Спачатку ў верасні 1937 года з ліста знікла прозвішча аднаго з аўтараў тэкста Ізі Харыка - ён быў растраляны. У ліпені 1938 года з яшчэ адной карэкціроўкай са спісу аўтараў знікла і прозвішча Андрэя Александровіча - ён кіраваў творчай групай, бо быў найбольш "палітычна падкаваны". Яго імя знікла па той жа прычыне - быў арыштаваны і растраляны. У 1939 годзе скарэктаваны быў і сам тэкст верша-ліста - з яго знік радок пра "фашыстаў-бандытаў", бо ў гэты час Сталін стаў "лепшым сябрам Гітлера" і яны разам падзялілі Польшу. Назад радок пра фашыстаў так і не быў вернуты.
На сёняшні дзень артыкул "Прымі прывітанне, якое прыносіць Табе, правадыр, беларускі народ" можна прачытаць толькі ў друкаванай версіі часопіса. Варта дадаць, што прафесар гужалоўскі адзін з найбольш аўтарытэтных гісторыкаў краіны, вядомы ў іншых краінах, а часопіс "Наша гісторыя" найбольш папулярны сярод беларускамоўных часопісаў і адзіны глянцавы на беларускай мове.