Новыя абмежаванні, кантроль і забароны на пастаўкі беларускага мяса ў Расею. Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю да прадукцыі 11 беларускіх прадпрыемстваў. У "шэрым спісе" апынуўся і "Аршанскі мясакансервавы камбінат". Чым жа не спадабалася прадукцыя расейскім санітарным службам? Аказалася, што расейцы выявілі ў складзе мясных прадуктаў, а менавіта ў каўбасных вырабах з мяса індычкі незаяўленых у складзе ДНК буйной рагатай жывёлы, курыцы і свінні. Менавіта таму любая прадукцыя, якая пастаўляецца ў Расею з Аршанскага мясакамбіната, да ліквідацыі парушэнняў будзе знаходзіцца пад узмоцненым лабараторным кантролем.
Але аршанскае прадпрыемства не адзінае, якое апынулася пад такім кантролем. Вось іншыя:
— СВК "Агракамбінат "Сноў" — выяўленне незаяўленай ДНК кукурузы ў кансервах з ялавічыны;
— ТАА "Аграпрадукт" філіял "МЭЗ" — выяўленне незаяўленай вытворцам ГМ-соі ў шроце соевым кармавым таставаным;
— ТАА "Аляксандраў" — выяўленне незаяўленай ДНК свінні ў блоках з жылаванага ялавічнага мяса;
— ААТ "Беллакт" — выяўленне бактэрыяў групы кішэчнай палачкі ў пастэрызаваных вяршках (налівам) (2 выпадкі);
— СААТ "Ляхавіцкі малочны завод" — выяўленне бактэрыяў групы кішэчнай палачкі і перавышэння КМАФАнМ ў пастэрызаваных вяршках (налівам);
— КВУП "Мазырскія малочныя прадукты" — выяўленне бактэрый роду S.aureus у пастэрызаваных вяршках (налівам);
— ААТ "Маладзечанскі малочны камбінат" — выяўленне бактэрыяў групы кішэчнай палачкі ў кефіры;
— СТАА "Старфуд" — выяўленне какцыдыястатыкаў (дынітракарбаніліду) у каўбасных вырабах з мяса птушкі (2 выпадкі);
— ТАА "ЭкспартАльфаГруп" — выяўленне незаяўленай ДНК свінні ў паўфабрыкатах з ялавічыны;
— ПВУП "15 Авеню" — выяўленне фарбавальнікаў (крышталічны фіялетавы) у прадукцыі з ласося.
Акрамя таго, Рассельгаснагляд забараніў з 3 чэрвеня пастаўкі прадукцыі ААТ "Гарадзенскі мясакамбінат". На сайце расейскага ведамства гэтыя санкцыі тлумачацца паўторным выяўленнем хіналонаў (дыфлаксацыну) і першасным выяўленнем бензілпеніцыліну ў каўбасных вырабах.