Нягледзячы на тры суботнікі, якія прайшлі ў Віцебску, ніхто не паклапаціўся аб тым, каб падлатаць помнік вялікаму беларускаму пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу. Амаль восем гадоў таму гарадскія ўлады на працягу некалькіх тыдняў не маглі пачыніць помнік. Цяпер гісторыя паўтараецца.
Няўмольны час, а за гэтыя гады члены гарвыканкама, напэўна, знасілі не адзін касцюм, сашморгала старыя лапкі на скульптуры і дзірка ўтварылася ў тым жа самым месцы, пішуць ННВ. Магчыма, зрэшты, што нехта прыклаў да прываранага ў 2011 годзе кавалка бляхі фізічнае намаганне — ці то з мэтай адарваць кавалак металу для гаспадарчых патрэбаў, ці то з мэтай зрабіць у ім тайнік...
У любым выпадку, цяпер праз адтуліну ўнутр помніка пранікае вільгаць і вецер, што можа прывесці да паскоранай карозіі канструкцыі і яе далейшага разбурэння. Помнік пры гэтым досыць новы, ён створаны скульптарам І.Казаком з архітэктарам В.Рыбаковым і ўсталяваны ў незабыўным 1994 годзе.
Дарэчы, аднойчы высветлілася, што падведзеныя да помніка ў Віцебску міні-ліхтары не працуюць з прычыны таго, што да іх наогул не былі падведзены правады.