Адразу некалькі незалежных рэсурсаў, у тым ліку і наш сайт, атрымалі дакладныя сведчанні аб прымусовай адпраўцы на фестываль «Славянскі базар» у Віцебску шэрагу работнікаў розных сфер. У першую чаргу, як звычайна пры Лукашэнку, «разнарадка» накіравалася на настаўнікаў. Упраўленне па адукацыі Аршанскага райвыканкама распаўсюдзіла дакумент, які трапіў да незалежных журналістаў, у тым ліку і да нашага сайту.
Мы публікуем яго са знакамі тэлеграм-каналу NEXTA, які быў першым у інтэрнэце, які апрылюдніў інфармацыю.
У дакуменце стаіць аўтарства намесніцы кіраўніка ўпраўлення Андрэя Загурскага — гэта Аксана Уладзіміраўна Булаўка. Чыноўніца ў загадным тоне піша аб тым, што 11-га ліпеня шэраг навучальных устаноў Оршы мусіць набыць квіткі на «Славянскі базар» 12-15 ліпеня. У спіс на прымусовае набыццё 2 квіткоў трапілі гімназія № 2 Оршы і гімназія Барані, а таксама сярэднія школы 2, 3, 6, 7, 8, 9, 10, 12, 13, 14, 16, 21 і 23 горада Оршы. Акрамя таго, школы 15 і 18 Барані і 22 г.п.Балбасава. На гімназію № 1 (былая школа № 19) і школу № 20 спушчана дырэктыва набыць па 4 квіткі.
Але і гэтага Аксане Булаўцы падалося мала, таксама ў паперы ад ейнага імя гаворыцца, што настаўнікам, якія набылі квіткі, неабходна паведаміць назву канцэрта, сектар амфітэатра, шэраг і месца, на які набыты квіток. Няўжо будуць аж так падрабязна правяраць?
Ужо сёння, 11 ліпеня, а 16-й гадзіне паднявольныя настаўнікі мусілі апавясціць пра набытыя квіткі і вышэйзгаданыя падрабязнасці загадчыцу вучэбна-метадычным кабінетам, спецыялістку па матэматыцы Жанну Іванаўну Радзевіч. Аднак з нашай рэдакцыяй звязаліся некалькі настаўнікаў розных школ Оршы і Барані, якія паведамілі нам, што катэгарычна адмовіліся набываць квіткі на «нецікавы фестываль», нягледзячы на настойлівыя патрабаванні начальства. На ўмовах поўнай ананімнасці нам распавялі, што такія «просьбы» ёсць кожны год, у гэтым сэнсе такі дакумент не навінка. Але сёлета арганізатары «Славянскага базару», верагодна, правалілі продаж квіткоў, таму імкнуцца запоўніць трыбуны летняга віцебскага амфітэатру ўсімі магчымымі спосабамі. А таму «ў гэты раз намаганні начальства ўсунуць нам квіткі на канцэрты расейскай сталі асабліва бесцырымоннымі».
Звяртаемся да нашых чытачоў з просьбай неадкладна паведамляць у нашы сацсеткі інфармацыю пра прымус, бяспраўе і парушэннях закону. Калі ваша інфармацыя будзе цікавай і дастатковай для сайту, яна будзе апублікаваная на Orsha.eu.