Орша вядомая пільнай увагай уладаў і самымі моцнымі пратэстамі ў 2017 годзе. Аб тым, з якімі праблемы сутыкаюцца сёння жыхары горада телеграм-каналу "Баста" распавёў актывіст і блогер, які вядзе ў YouTube канал "Шэры кот", Дзмітрый Казлоў:
— На самай справе, пытанні, якія хвалююць жыхароў нашага рэгіёну асабліва не адрозніваюцца ад тых, якія існуюць у іншых рэгіёнах. Беспрацоўе, нізкія даходы, праблемы ў сферы ЖКГ. Сярэднія зарплаты ў нашым рэгіёне - ад 250 да 350 рублёў. Дарогі жахлівыя. Крапівенскае мост на трасе Орша-Дуброўна, па якім увесь час ездзяць пасажырскія аўтобусы, фуры, вось-вось абрынецца. Яго ні разу не рамантавалі! І пры гэтым кажуць пра АйЦі-краіну.
Людзі спрабуюць шукаць працу за мяжой. Раней самым папулярным кірункам была Расея — да мяжы ўсяго пару дзясяткаў кіламетраў. Цяпер сітуацыя вельмі змянілася. Працы ў Расеі стала менш, скарацілася аплата працы. Сёння ў Оршы поўна аб'яваў аб працы ў Польшчы. Вялікая колькасць жыхароў едзе за заробкамі на Захад.
У Оршы, насельніцтва якой перавышае 115 тысяч чалавек няма ні адной вышэйшай навучальнай установы, але ёсць дзве турмы. Ужо гэта кажа пра многае. Моладзь едзе вучыцца ў Менск ці Віцебск і імкнецца назад не вяртацца. Насельніцтва горада скарачаецца.
Лукашэнка ўжо шмат разоў абяцаў падняць Оршу з руін і попелу і нават афіцыйна сказаў, што зрабіў гэта, але на самой справе, нічога ў лепшы бок не мяняецца. Наадварот, становіцца толькі горш. Заробкі і пенсіі не растуць, малы бізнэс не развіваецца, нягледзячы на заявы мясцовых чыноўнікаў. На паперы і ў іх справаздачах у нас усё выдатна. Уключаеш БТ — краіна для жыцця, але калі выходзіш на вуліцу — бачыш абсалютна супрацьлеглую карціну. Людзі разгубленыя, узлаваны, не бачаць перспектыў.
— Ці разумеюць жыхары горада, хто вінаваты ў гэтым?
— Выдатна разумеюць, што ўсё ідзе з цэнтра, што вінаваты Лукашэнка. Калі ўзяць любую праблему — яна характэрная не толькі для Оршы, але і для любога горада краіны, яна сістэмная. Калі за 25 гадоў праблемы не вырашылі, калі іх становіцца з кожным днём усё больш, то вінаваты не начальнік райвыканкама, а той, хто прызначае такіх кіраўнікоў і праводзіць падобную палітыку.
— Вы збіраецеся ўдзельнічаць у «парламенцкай кампаніі»?
— Сапраўдныя выбары пасля змены ўлады. А бліжэйшую «парламенцкую кампанію» трэба выкарыстоўваць для таго, каб уключыць у актыўную дзейнасць як мага больш людзей, у першую чаргу тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам, хто крытыкуе ўладу, але пакуль не бачыць альтэрнатыву. Мы будзем праводзіць пікеты на вуліцах і плошчах Оршы, на якіх абмяркуем сітуацыю ў горадзе з жыхарамі, збіраць подпісы, раздаваць улёткі, шукаць новых прыхільнікаў.
Адна з мэтаў гэтай кампаніі — не дапусціць запуску АЭС. Гэта тычыцца ўсёй краіны, не толькі Астраўца, дзе яна будуецца. Прывяду прыклад. Орша з'яўляецца буйным транспартным вузлом. Толькі за апошні месяц тут двойчы схадзілі з рэек цягніка. Ядзернае паліва для АЭС будуць везці праз наш рэгіён, таму ўявіце, што адбудзецца, калі раптам падобнае паўторыцца. Будзе экалагічная катастрофа. Ну а калі адбудзецца аварыя на самой АЭС, то нам пагражае другі Чарнобыль з нашмат больш страшнымі наступствамі.
— Вы ўжо сказалі пра змену ўлады. Наколькі доўгатэрміновая гэтая мэта?
— Ведаеце, недалёка ад населенага пункта, у якім я жыву знаходзіцца Крапівенскае поле — месца Аршанскай бітвы, 505 гадавіну якой мы будзем адзначаць 8 верасня. Тады, у 1514 годзе, наша краіна знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы, велізарныя тэрыторыі былі акупаваныя. Але нашы продкі ў, мякка кажучы, неспрыяльных умовах змаглі нанесці паражэнне праўзыходным сілам ворага. Сёння Орша, ды і ўся краіна захопленыя чыноўнікамі-прызначэнцамі. Людзі знемагаюць пад уладай акупантаў. Мы іх не выбіралі. Нам трэба вызваліць Беларусь, і я ўпэўнены, што мы справімся з гэтай задачай, як справіліся нашы продкі. Засталося няшмат, і мы пастараемся разам наблізіць гэты момант.