Сёння аршанскае Задняпроўе, напэўна, найбольш шчыльна забудавана цэрквамі. Тут ужо сёння ёсць храм пры Куцеенскім манастыры, Ільінская царква і манастырская царква каля Ільінскай, не так даўно быў пабудаваны храм у канцы вуліцы Магіёлўскай - чатыры храмы, пры тым, што ва ўсёй астатняй частцы горада іх яшчэ 5 (калі не лічыць царквы на тэрыторыі турмы). Акрамя таго ў Задняпроўі прысутнічаюць каталіцкі касцёл і адна пратэстанцкая царква.
Па колькасці людзей, якія жывуць ва ўсіх мікрараёнах Задняпроўя, гэта даволі вялікая колькасць праваслаўных цэркваў у адной частцы. Але царкоўнікі гатовы пабудаваць і яшчэ адзін храм.
Новая праваслаўная капліца (хаця па памерах гэта не капліца, а паўнавартасны храм) будзе названая ў гонар Мікалая Цудатворцы і паўстане на вуліцы Язэпа Драздовіча. На тэму будаўніцтва новага храма зараз адбываюцца грамадскія слуханні - да 25 жніўня жыхары горада могуць выказаць свае прапановы па пытанні будаўніцтва царквы.
Такая вялікая колькасць праваслаўных храмаў у Задняпроўі можа быць таксама апраўдана тым, што калі горад быў пераважна каталіцкім (да падзелу Рэчы Паспалітай), менавіта ў Задняпроўскіх прыгарадах жыло праваслаўнае насельніцтва.