З блаславення Архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя ў маскоўскім храме Вялікамучаніцы Ірыны будуць працаваць курсы беларускай мовы. Двухгадзінныя заняткі плануюцца штотыдзень па нядзелях, і будуць уключаць “агляд агульных звестак пра Беларусь, знаёмства з алфавітам, фанетычнымі і граматычнымі асаблівасцямі мовы, мовазнаўчы аналіз тэкстаў Святога Пісання Ветхага і Навага Запавету, знаёмства з беларускай літаратурай, паведамляе царкоўны сайт.
З 10 кастрычніка 2013 г. ў храме Вялікамучаніцы Ірыны ў Маскве было адчынена прадстаўніцтва Беларускага экзархата, настаяцелем быў прызначаны Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый (Мікалай Драздоў).
Падобных прапановаў – каб пры беларускіх цэрквах арганізаваць курсы беларускай мовы – ад архіепіскапа раней ніколі не гучала. Не знаходзілі падтрымкі і прапановы вернікаў, каб на роднай мове, хаця б зрэдку, праводзіліся службы. Каля 10 гадоў таму спробы маліцца па-беларуску рабіліся ў віцебскай Успенскай царкве, але ініцыятыва згасла.