Рэдкая з’ява калі дзяржаўныя газеты ўзгадваюць пра сталінскія рэпрэсіі. Напярэдадні «Дзядоў» Лепельская раёнка на сваім сайце апублікавала гісторыю свайго земляка, які быў расстраляны ў Оршы на Кабыляцкай гары.
Гісторыю гэтую распавяла дачка расстралянага Фёдара Маліноўскага Марыя Фёдараўна Маліноўская, якая цяпер ўжо вельмі старога ўзросту. Жыў Фёдар разам з сям’ёй у рабочым інтэрнаце, а працаваў у смалакурні не далёка ад Замошша Лепельскага раёну і быў непісьменным. Расстралялі яго ў 1937 годзе на Кабыляцкай гары. Смалакуршчыкі пад час кастрычніцкіх святаў вырашылі адзначыць святы. Як гэта традыцыйна прынята ў рабочых, скінуліся і адправілі ганца за гарэлкай і закускай. У краму пабег майстар брыгады па прозвішчы Жыгман. А калі той прыйшоў у Фёдара ўзнікла падазрэнне, што той зажаў і пакінуў сабе частку супольных грошай. Сваю прэтэнзію ён і агучыў перад усімі. За што і паплаціўся.
Жыгман данёс на свайго крыўдзіцеля і праз некалькі дзён таго забраў «Чорны варанок». Усяго месяц ішло следства па абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Польшчы — звычайны прыгавор для Беларусі таго часу. Што адбылося з бацькам і мужам сям’і Маліноўскіх сям’я не ведала да 1960 года, калі прыйшло паведамленне пра рэабілітацыю расстралянага Фёдара. Цалкам гэтую гісторыю можна прачытаць тут.