У складзе зборнай Беларусі на адбор да чэмпіянату свету ў Італію адправіліся чацвёра футбалістаў аршанскага "Вітэна". Андрэй Чурылін, Юрый Рабыка, Арцём Козел і Антон Гусакоў абаранялі колеры нацыянальнай каманды. Козел у адборы ў выніку не згуляў, Чурылін правёў 1 матч, а Гусакоў (№ 10) і Рабыка (№ 18) правялі ўсе тры паядынкі, прычым у адной чацвёрцы.
У першай сустрэчы, дзе акурат браму Беларусі абараняў Андрэй Чурылін, нашы землякі згулялі ўнічыю з адной з вядучых каманд у свеце міні-футболу, Італіяй. 3:3. Прычым у гэтай сустрэчы Антон Гусакоў аддаў галявы пас, здарылася гэта ўжо на 47-й секундзе, на якой аршанец паспяхова падаў кутны. У другой сустрэчы ніхто з гуляўшых (Гусакоў, Рабыка) прадстаўнікоў "Вітэна" выніковых балаў не набраў, Беларусь перамагла Вугоршчыну 2:0. У трэцім матчы беларусы разграмілі Англію 5:2, а Гусакоў зрабіў дубль. Ён вельмі актыўна выкарыстаў сітуацыю, калі англічане знялі брамніка, каб дабіцца большасці ў полі. І на апошняй хвіліне двойчы за 13 секунд забіў. Беларусы па дадатковых паказчыках саступілі італьянцам першае месца ў групе, але прайшлі ў элітны раўнд.