Дзмітрый Камароўскі пачатак свайго жыцця правёў у Балбасава, а затым ягоная сям'я пераехала ў Оршу. Да ад'езду за мяжу Дзмітрый больш запомніўся выступамі за барысаўскі БАТЭ. Затым быў перыяд у маскоўскім "Тарпеда". Але ў чэмпіянаце Расеі замацавацца Камароўскаму не ўдалося, і ён вярнуўся ў Беларусь. Пасля паспяховых сезонаў у салігорскім "Шахцёры", з якім ён заваёўваў медалі чэмпіянату краіны, Камароўскі перабраўся ў "Гомель".
На берагах Сожа аршанец і дасягнуў гросмайстарскай мяжы ў 100 выніковых балаў. У гульні з "Мінскам" нападнік забіў два мячы. За ўвесь час выступаў у вышэйшай лізе беларускага чэмпіянату на рахунку Дзмітрыя 101 бал: 47 забітых галоў і 54 выніковыя перадачы, пасля якіх партнёры Камароўскага забівалі галы. Магчыма, такія поспехі футбаліста прывядуць да яго выкліку ў нацыянальную зборную нашай краіны.