Адной з самых адметных падзей Аршаншчыны ў лютым 2019 года было адкрыццё лагістычнага цэнтру. Ён пачаў працу на самым пачатку месяца і прыняў першыя грузы, яшчэ калі не былі скончаныя будаўнічыя працы. Праз два тыдні цэнтр адкрыўся афіцыйна. У лютым Orsha.eu апублікаваў інтэрв’ю на юбілей былога мэра Барані Юрыя Нагорнага, першую частку і другую. Вельмі папулярным матэрыялам у гэты месяц стала наша фотагалерэя з былога піўзавода. У артыкуле мы анансавалі фотагалерэю, дзе зафіксавалі істотныя змены на тэрыторыі колішняга прадпрыемства, а таксама прывялі спіс артыкулаў пра Аршанскі піўзавод, якія публікаваліся на нашым сайце, у тым ліку фотагалерэя завода да зносу цэхаў.
Таксама ў Оршы ледзь не адбылася трагедыя, у Сеціве з’явілася відэа, дзе мужчына ледзь не забіўся на Вадохрышча. Адзін экстрэмал вырашыў скочыць у Оршы з падвяснога маста ў раёне Гразілаўкі. Мужчына распрануўся, скочыў, але на рацэ быў даволі моцны лёд. Абыйшлося траўмай, але крыві было вельмі шмат.