7 чэрвеня ў Оршу ў рамках чэмпіянату Беларусі ў 2-й лізе прыехаў клуб "Прыазёр'е" з Верхнядзвінску. Раней каманда практычна ў поўным складзе базавалася ў суседніх Мёрах, але праз пэўныя прычыны пераехала ў іншае месца.
Аршанцы выдалі такі старт, якога не было ўжо вельмі даўно. За 18 стартавых хвілін аршанцы забілі чатыры мячы! Калі няма памылкі, то ўсталяваны новы клубны рэкорд.
Ужо на 3-й хвіліне другі матч запар вызначыўся ветэран клуба Мікалай Кітаёў (ён і "Асіповічам" забіў на самым старце, на 6-й хвіліне). Праз некалькі секундаў вызначыўся і ягоны напарнік па атацы Аляксандр Лужанкоў. Форварды рэдка выходзяць разам з пачатку паядынку, і зараз стаўка Аляксандра Ладзянога згуляла на ўсе сто. На 9-й хвіліне Юрый Піваровіч зрабіў лік 3:0, а на 18-й Лужанкоў аформіў дубль, лік стаў 4:0! Прычым для Аляксандра гэта ўжо 6-ты гол у чэмпіянаце, ён адзін з лепшых бамбардзіраў турніру. "Прыазёр'е" адгуляла адзін мяч на 34-й хвіліне намаганнямі Мельнікава, але выправіць сітуацыю не здолела. 4:1 - больш чым упэўненая перамога "сіня-белых".
Але пра 1-е месца аршанцам можна толькі марыць, бо надзвычай упэўнена трымае сябе "Жлобін". Жлобінцы выйгралі ўсе 6 матчаў, напярэдадні яны разграмілі менскі "Прамень" 4:0. У "Жлобіна" 18 пунктаў, у "Оршы" 14.