Футбалісты «Оршы» ў 8-м туры чэмпіянату Беларусі сярод каманд 2-й лігі згуляюць у Менску з мясцовым клубам «Славянін».
Гэта каманда праводзіць першы сезон на рэспубліканскім узроўні. «Зялёныя» былі заснаваны ў 2012 годзе і пачалі выступаць у чэмпіянаце сталіцы. А сёлета знайшлі грошы і футбалістаў на заяўку ў 2-ю лігу. Цікава, што сімвалам каманды з'яўляецца трыліснік. Заўважым, што менскі клуб ствараўся не на адзін дзень, бо ў ім ёсць групы падрыхтоўкі маладых гульцоў і нават жаночая каманда!
Але ў галоўнай каманды справы покуль не ідуць ідэальна. Толькі на мінулым тыдні «Славянін» набраў першы пункт у табліцу, папярэднія 6 матчаў скончыліся яго безапеляцыйнай капітуляцыяй. Звычайна, што «Орша» ўпершыню сутыкнецца з гэтым апанентам. «Сіня-белыя» набралі 17 балаў у 7 паядынках і саступаюць толькі «Жлобіну», у якога 21 пункт.