Напярэдадні было 40 дзён па Мікіту Крыўцове — фанаце футбольнага клуба "Маладзечна", які загінуў пры апошніх падеях у краіне. Група аршанцаў выправілася на Кабыляцкую гару да помніка бязвінна закатаваным, каб ушанаваць яго памяць, а таксама паставіць знічы і ў памяць аб усіх ахвярах савецкага рэжыму. Таксама да валуна ў памяць ахвяр былі ўскладзеныя кветкі.
Некалькі дзён таму было 40 дзён і па іншым удзельніку пратэстаў Аляксандры Тарайкоўскім, якога расстралялі супрацоўнікі спецпадраздзяленняў, хаця мужчына не ўвасабляў небяспекі і не меў ніякай зброі ў руках. Афіцыйная заява МУС РБ аб тым, што ў руках Тарайкоўскага выбухнула граната, якую ён сам нібыта хацеў шпурнуць у сілавікоў выявілася хлуслівай — шэраг відэа і фота, зробленых на месцы здарэння каля станцыі метро "Пушкінская", даказалі, што Тарайкоўскі быў бяззбройным. Што да Мікіты Крыўцова, дык ён напярэдадні гібелі ўдзельнічаў у сваім родным горадзе ў акцыі пратэсту супраць дыктатуры, а затым знік. Знайшлі ягонае цела са слядамі катаванняў і павешання ў лесапарку праз некалькі дзён.