Толькі нядаўна мы пісалі, што дубровенскі актывіст Міхаіл Чамурака быў апраўданы судом разам з братам, але «весялуха» працягваецца. Не атрымаўшы магчымасць пасадзіць на суткі Міхаіла, міліцыя пачала ціснуць на яго сям’ю. У прынцыпе, Міхаіл гаворыць, што пры апошнім затрыманні міліцыянты пагражалі, што пачнуць ціснуць на яго сястру ды і раней у яе дома ўжо праходзіў ператрус. Але тое, што адбывалася ў суботу 3 кастрычніка ў Дуброўна нагадвае нешта з Франца Кафкі.
Дзень пачынаўся як заўсёды — Міхаіл займаўся бытавымі справамі, канкрэтна рамонтам. Спатрэбілася набыць некаторы будаўнічы матэр’ял і з тачкай Чамурака паехаў у мясцовую будаўнічую краму, бо машына да гэтае пары на міліцэйскай штрафстаянцы. Пакуль рабіліся пакупкі, пакуль усё гэта грузілася і пакуль Міхаіл з цяжкім грузам ішоў дахаты, расперажывалася яго маці. Матчына сэрца непакоілася ў свеце апошніх падзеяў. На ўсялякі выпадак яна вырашылася пазваніць у міліцыю, каб удакладніць ці не ў іх зноў апынуўся Міхаіл. У міліцыі сказалі, што ён не затрымліваўся і сапраўды праз некаторы час Міхаіл з грузам матэр’ялаў прыйшоў да хаты. Але ў гэты самы час распачынаўся вобшук у сястры Міхаіла.
Міліцыянты прыйшлі да яе з-за абразы кагосці з іх у сацыяльных сетках і прыйшлі, каншне, шукаць кампутар. Праўда, не знайшлі, бо кампутар ужо ў міліцыі пасля папярэдняга вобшуку. Паралельна да хаты маці Міхаіла таксама прыехала міліцыя і супрацоўнікі следчага камітэту. Яны хацелі патрапіць у кватэру пенсіянеркі па прычыне таго, што яна... Падала заяву на знікненне сына. Жанчына хаця і не самая маладая ў Дуброўна, але ў сваім розуме і нікога да сябе не пусціла, бо аніякую заяву яна, канешне, не падавала. У выніку для сілавікоў дзень прайшоў дарма — вобшук скончыўся нічым, а ў другі дом і ўвогуле патрапіць не атрымалася.