У 25-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў Першай лізе футбалісты "Оршы" пасля шасці запар паразаў імкнуліся выправіцца перад сваімі прыхільнікамі, якіх на гэты раз на трыбуны аршанскага гарадскога стадыёна прыйшло зусім няшмат. І гэта сіня-белым удалося. Пасля млявай першай паловы, у якой аршанцы ў даволі рознай барацьбе саступілі 0:1, у другім тайме каманду Мікалая Бранфілава было не пазнаць.
Мікіта Шугункоў стаў разганяць атаку за атакай на браму пінчукоў, прычым у сілу сваёй цяперашняй пазіцыі "ў адцяжцы" рабіў гэта з глыбіні поля. І гэта дало вынік, госці так і не падабралі сродкаў для супрацьстаяння Шугункову, які двойчы забіў і аддаў галявы пас на Калініна. У канцы сустрэчы пінчукі адыгралі адзін мяч з 11-метровага ўдару, але большага ім зрабіць не дазволіла аршанская абарона. Атака ж мела магчымасць забіць чацвёрты, але змарнавала шанец. Перамога 3:2.