З пачатку новага сезону ў 2-й лізе чэмпіянату Беларусі прайшлі 10 тураў. "Орша" дагэтуль не пацярпела аніводнай паразы, што з'яўляецца выдатным вынікам, асабліва ў параўнанні з папярэднімі сезонамі. "Жлобін" саступіў аднойчы і ў турнірнай табліцы прайграе аршанцам (якія займаюць 1-е месца) 1 пункт. Матч "Орша" - "Жлобін" завершыць першае кола чэмпіянату.
У фінальны турнір трапіць чатыры лепшыя клубы зоны "А", аднак ёсць вельмі важны нюанс: на гэтым этапе, калі клубы будуць непасрэдна вырашаць лёс месца ў 1-й лізе, будуць улічвацца пункты, набраныя ў паядынках з іншымі трыма пераможцамі ўласнай зоны. Адпаведна, у выпадку выхаду "Оршы" і "Жлобіна" ў фінальны раўнд (што вельмі верагодна) балы, якія клубы набяруць 12 ліпеня ў матчы паміж сабой, будуць мець вялікае значэнне.
А цяпер пара звярнуць увагу на ўзаеміны клубаў. Статыстыка апошніх трох сезонаў яскрава паказвае: "Жлобін" з'яўляецца для "Оршы" адным з найбольш нязручных апанентаў. У 2011 годзе аршанцы прайгралі дома 1:3 і ў гасцях 1:4. У 2012 была непрыемная хатняя параза 0:3 і прыніжэнне ў гасцях 0:4. 7 ліпеня 2013 года аршанцы чарговы раз саступілі жлобінцам, на гэты раз перавага клуба з поўдня краіны была невялікай - 2:3. Нарэшце, 20 кастрычніка "Орша" пераканаўча выйграла 3:1, перарваўшы звышняўдалую серыю. Нягледзячы на пастаянныя няўдачы ў супрацьстаянні з бліжэйшым канкурэнтам "Жлобінам", ёсць для "Оршы" і прыемная статыстыка: "Орша" не прайграе на родным стадыёне ўжо 9 матчаў, прычым у 8 з іх яна дабілася перамог! Апошні раз "сіня-белыя" схібілі 22 верасня 2013 года, калі саступілі "Гомельчыгункатрансу" 0:1.
Фрагмент мінулагодняга паядынку "Оршы" і "Жлобіна". Так аршанцы забівалі адзін з галоў:
Матч "Орша" - "Жлобін" адбудзецца 12 ліпеня і пачнецца а 17-й гадзіне. Запрашаем усіх на Гарадскі стадыён!