Сёлетні сезон не быў паспяховым ці нейкім адметным для футбольнага клуба "Орша". Каманда някепска пачала сезон і трымалася ў першай палове табліцы. Аднак гэта трывала нядоўга. Затым сіня-белыя адкаціліся бліжэй да хваста табліцы, хоць і не былі аўтсайдэрамі. Каманда пад кіраўніцтвам Аляксандра Вопсева, а з 22 кастрычніка Мікала Бранфілава выдала некалькі запамінальных і добрых матчаў, але часцей губляла пункты. Вынікам стала 11-я пазіцыя сярод 14 каманд першынства. Ніжэй за аршанцаў фінішавалі наваполацкі "Нафтан", "Граніт" з Мікашэвічаў і светлагорскі "Хімік". Апошняя каманда можа ўпершыню выляцець з Першай лігі, калі прайграе стыкавыя матчы "Маладзечне". Папоўнілі Першую лігу на наступны сезон магілёўскі "Дняпро" і "Шахцёр" з Петрыкава, якія выйгралі Другую лігу, а таксама бабруйская "Белшына" і "Смалявічы", якія ўпалі ў Найвышэйшай лігі. Акрамя таго, "Крумкачы" і "Слуцк" вырашаць, каму з іх гуляць у элітным дывізіёне, а каму з "Оршай" у Першай лізе на наступны сезон.
Заўзятары ФК "Орша" пачалі традыцыйнае штогадовае галасаванне, каб вызначыць найлепшага гульца сіня-белых у сезоне. Прычым упершыню яно адбываецца адразу на дзвюх платформах, на старонцы "Радыё Аршыца" ў Кантакце і на тэлеграм-канале, прысвечаным гісторыі футболу і валейболу Оршы. На адной платформе карыстальнік можа аддаць толькі адзін голас, сума галасоў на дзвюх платформах будзе падсумаваная 1 снежня.
Нагадаем, наступны 2021 год стане юбілейным для футбольнага клуба "Орша", які большую частку сваёй гісторыі называўся "Стартам". Камандзе, якая ў свой час дабіралася да фіналу Кубка Беларусі, споўніцца 70 гадоў.