Аэрадром "Орша" атрымаў сертыфікат прыдатнасці да эксплуатацыі, статус міжнароднага і гатовы прымаць самалёты і верталёты.
— Мы цалкам гатовыя прымаць усе віды самалётаў і верталётаў. Укамплектаваны штат спецыялістаў, маецца неабходнае сігнальнае, радыётэхнічнае і іншае абсталяванне, — кажа начальнік аэрадромна-тэхнічнага комплексу "Орша" Мікалай Чарвінскі, яго словы прыводзяць «Витебские вести».
Завяршальным этапам працэдуры сертыфікацыі стаў тэхнічны рэйс самалёта Boeing 737-500 кампаніі «Белавія». Аэрадром "Орша", пабудаваны яшчэ ў 1949 годзе, цяпер можа прымаць розныя тыпы паветраных судоў, у тым ліку шырокафюзеляжны, а таксама шрубалёты ўсіх тыпаў у любы час, хоць на сайце Дэпартамента па авіяцыі ў пашпарце аэрадрома месціцца інфармацыя пра тое, што аэрадром можа прымаць палёты толькі ў светлы час сутак. А вось тым, хто спадзяецца на пасажырскія пералёты, да прыкладу, з Берасця ў Оршу, прыйдзецца трохі расчаравацца. Аэрадром будзе выкарыстоўвацца для прыёму грузавых рэйсаў, а таксама стане запасным для пасадкі буйных самалётаў.
У гэтым годзе Банк развіцця накіраваў на капрамонт узлётна-пасадачнай паласы, рэканструкцыю рулёжных дарожак і будаўніцтва дапаможных аб'ектаў на аэрадроме каля 19,5 млн даляраў. На тэрыторыі аэрадрома размяшчаюцца падраздзяленні ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод». У 2017 годзе аэрадром адкрылі для міжнародных палётаў. Цяпер ён сертыфікаваны.