Больш за чатыры месяцы ў Беларусі працягваюцца пратэсты супраць дзейнай улады, людзі адкрыта на вуліцах называюць Лукашэнку дыктатарам і адмаўляюцца прызнаваць яго прэзідэнтам краіны і наогул чалавекам, які мае права хоць на якую-небудзь уладу. Але тыя, хто яшчэ валодае ўладай, жорстка рэагуюць на ўсе праявы непадпарадкавання сабе, "шчодра" караючы беларусаў суткамі арыштаў, збіццём і велізарнымі штрафамі. Але судовыя органы, пракуратуры, следчыя брыгады яшчэ не распачалі ніводнай справы супраць сілавікоў, не ўбачыўшы ў іх дзеяннях складу злачынства. Пад пераслед патрапіў і хакейны аршанскі "Лакаматыў".
Раней працу ў клубе страціў яго дырэктар Дзмітрый Мазура, які шмат зрабіў для развіцця каманды. Ён выступіў супраць дзеянняў уладаў, за што і трапіў у няласку, а хакейныя чыноўнікі сталі наперабой казаць пра важнасць для хакейных функцыянераў быць ідэалагічна згоднымі. А некалькі дзён таму Федэрацыя хакея Беларусі выпісала штраф "Лакаматыву" ў памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў). Аршанскі клуб пакараны за тое, што пяць хакеістаў каманды не трымалі руку на сэрцы падчас выканання дзяржаўнага гімна перад пачаткам аднаго з матчаў "Париматч-Экстралігі". Такой працэдуры вымагае рэгламент турніру.
Хакеістам "Лакаматыва" паведамілі, што штраф падзеляць на пяць частак.
Згодна з пунктам 8 артыкула 62, удзельнікі матчу — грамадзяне Рэспублікі Беларусь — слухаюць дзяржаўны гімн Беларусі, прыклаўшы далонь правай рукі да левага боку грудзей.
А як лічаць нашы чытачы, ці справядліва вынесена пакаранне і ці мае права на жыццё такі пункт у Рэгламенце? Дзяліцеся меркаваннем ў каментарах на нашых старонках у сацыяльных сетках!
Што тычыцца непасрэдна хакею, дык напярэдадні "Лакаматыў" перагуляў на выездзе "Юнацтва" Менску 4:3, гістарычная перамога аршанцаў! Гэта асабліва прыемная нечаканасць з улікам таго, што "Юнацтва" з 65 пунктамі узначальвае табліцу чэмпіянату, а "Лакаматыў" мае толькі 16 пунктаў і займае перадапошні, 7-мы радок табліцы.