Адразу 250 трактараў Менскі трактарны завод пастаўляе ў Віцебскую вобласць. Такую інфармацыю перадало дзяржаўнае тэлебачанне раніцай 20-га снежня. Пастаўка трактараў у рэгіён названая "рэкорднай". Але пакуль лічбы да канца не асэнсаваныя, улады вырашылі зрабіць з пастаўкі цэлае шоў. У Віцебскую вобласць трактары МТЗ выехалі з самога заводу і праехалі па ўсім Менску з фарамі, гучнай музыкай з праслаўленнем дзейнай улады Лукашэнкі і чырвона-зялёнымі сцягамі.
100 адзінак паехалі ў Віцебскую вобласць з Менску, а іншыя са Смаргоні і пасёлка Абчак. Усяго кантракт прадугледжвае больш за 350 трактараў, у тым ліку 70 "энерганасычаных" мадэляў Belarus-35-22. Паводле дзяржаўнай прапаганды, гэта найбуйнейшая месячная пастаўка ў межах супрацы МТЗ з рэгіёнамі.
Тэхніку атрымаюць каля 40 прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, у тым ліку і ў Оршы. Наступную пастаўку МТЗ запланаваў у Магілёўскую вобласць.