У заключным туры першага кола чэмпіянату Беларусі ў 2-й лізе футбалісты "Оршы" на Гарадскім стадыёне прымалі "Жлобін". Ужо на 5-й хвіліне пашкоджанне атрымаў абаронца нашай каманды Юрый Піваровіч, якога замяніў бамбардзір клуба Аляксандр Лужанкоў, які пачаў матч на лаўцы запасных. Перабудова тактычнай схемы не перашкодзіла "сіня-белым" пагражаць браме гасцей.
Але асноўныя падзеі прыйшліся на другую палову сустрэчы. Аршанцы па-майстэрску "падрэдагавалі" кепскую статыстыку ў матчах са "Жлобінам". На 75-й хвіліне "раёншчыкі", як часам называюць нашу каманду, правялі выніковы наступ. Выхад трох гульцоў "Оршы" на браму супернікаў скончыўся тым, што Мікалай Кітаёў не стаў аддаваць перадачу, а прабіў сам - 1:0! Жлобінцы пасля прапушчанага голу маглі зраўняць лік, аднак ніхто не замкнуў перадачу на дальнюю штангу. Гэта быў ледзьве не адзіны момант жлобінскай каманды за другі тайм. Неўзабаве шанец змарнаваў Аляксандр Лужанкоў, але праз пару хвілінаў плённым быў выхад сам-насам з брамнікам "Жлобіна". Той адбіў удар, але на дабіванні быў Віталь Данілкоў. Капітан нашай каманды падвоіў лік - 2:0! Ну а ў самым канцы сустрэчы Аляксандр Лужанкоў правёў 8-мы мяч у чэмпіянаце - 3:0, пераканаўчая вікторыя "Оршы".
Цяпер "сіня-белыя" ўзначальваюць турнірную табліцу з адрывам ад "Жлобіна" і "Ждановічаў" у 4 пункты.