Ужо не першы год на зімоўку ў нашым горадзе застаюцца пералётныя птушкі. Да качак мы даўно ўжо прывыклі, а лебедзі застаюцца радзей. Гэтыя вялікія птушкі — як і качкі — маразоў не баяцца, лятуць на поўдзень яны толькі каб прасцей было знайсці ежу. Але калі вада не замерзлая, а чалавек гатовы падкідваць корм птушкам, то сэнсу ў вялікім пералёце няма. І застаюцца птушкі на Дняпры.
У гэтым годзе толькі пад час моцных маразоў, калі на Дняпры пачаў станавіцца лёд птушкі адляцелі кудысці за горад. Але з пацяпленнем, яны зноў вярнуліся. Праўда, небяспека ў тым, што дзікія птушкі сталі зусім ручныя. Яны амаль не баяцца чалавека, гатовыя браць ежу проста з рук і без боязі выходзяць на бераг за пачастункам.
Зараз на Дняпры зімуе каля 15 лебядзей, як мінімум двое з іх — гэта маладыя птушкі з яшчэ шэрым пер’ем.