У 13-м туры чэмпіянату Беларусі па міні-футболе аршанскі «Вітэн» адправіўся ў Менск на матч з мясцовым «Дарожнікам» — паважаным клубам, лепшыя гады якога ў мінулым, але які застаецца на высокім узроўні і можа даставіць кожнаму праблемы.
На 7-й хвіліне Рабыка адкрыў лік у сустрэчы на паркеце менскага спартовага комплексу МАПІД, але ўжо праз паўтары хвіліны менчукі дамагліся поспеху самі. На 11-й хвіліне гол забіў Лазюк, і чырвона-чорныя, якія дзейнічалі ў белых футболках, зноўку выйшлі наперад. Лазюк зрабіў дубль у другім тайме, наблізіўшы «Вітэн» да перамогі. «Дарожнік» забіў свой другі мяч, але больш галоў не было.
Перамога аршанцаў 3:2 стала ўжо 13-й у чэмпіянаце, на дадзены момант «Вітэн» святкаваў поспех ва ўсіх без выключэння матчах і б’е ўсе рэкорды. Наступную сустрэчу чэмпіёны Беларусі правядуць 13-га лютага дома з міні-футбольным клубам «Мінск».