У гэтым годзе спаўняецца 500 гадоў перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над войскамі Маскоўскага княства пад Воршай, якая адбылася 8 верасня 1514 года. Да гэтай знамянальнай падзеі Партыя БНФ прымеркавала конкурс віншавальных паштовак да Дня Беларускай Вайсковай славы.
Конкурс быў абвешчаны ў чэрвені. Да ўдзелу запрашаліся як аматары, так і прафесійныя дызайнеры. Ацэньвалі працы вядомыя мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін (мастацкая суполка "Пагоня"), дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў, грамадскі дзеяч, адзін з арганізатараў акадэмічнага Музея старажытнабеларускага мастацтва Юры Хадыка, мастачка, стваральніца сайта generation.by Вольга Кузьміч.
Аўтар самай цікавай паштоўкі, Дзяніс Авяр'янаў з Гродна атрымаў графічны планшэт.
Паштоўкі будуць надрукаваныя напярэдадні 8 верасня - Дня беларускай вайсковай славы, і кожны жадаючы зможа павіншаваць сваіх блізкіх з гэтым святам, паведаміла прэс-служба партыі.