Паветраныя шарыкі Міхаіла Чамурака зноў не даюць спакою дубровенскім міліцыянтам. Раней яго ўжо арыштоўвалі за тое, што ў хаце віселі шары "не правільнай палітычнай афарбоўкі", міліцыянты яго абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікеце, а суд апраўдаў за адсутнасцю складу правапарушэння. А на гэты раз міліцыянты ў сацыяльных сетках знайшлі фотаздымак дзе Міхаіл з шарыкамі ідзе па Дуброўна. Усё банальна - Міхаіл купіў шарыкі на свята і нёс іх дахаты. Больш за тое шарыкі не былі "не правільных палітычных колераў", проста шапыкі надзьмутыя паветрам.
Але калі міліцыя палічыла шарыкі ўнутры дома пікетам, то тут Чамураку абвінавацілі ўжо ў шэсці. І колер шарыкаў аказаўся не такі і важны. На гэты раз суд не надта разбіраўся ў справе, для бачнасці выклікалі двух сведкаў - адна з якіх бачыла як Міша ішоў дамоў, другая не бачыла, але чула, што гэта бачыла іншая. На паказаннях такіх сведкаў і было пабудавана абвінавачанне. У выніку 10 сутак арышту.
Праўда, больш важнае адбывалася потым. У ІЧУ куды Міхаіл быў накіраваны для адбыцця арышту, з міліцыянтамі ў Чамуракі зайшла спрэчка. Міхаіл быў упэўнены, што 10 сутак да канца ён не дасядзіць. Так атрымалася спрэчка на шакаладку, якую міліцыянты прайгралі - Міхаіл быў адпушчаны дамоў без яўных прычынаў ужо праз 4 дні.
Што гэта азначае? А гэта азначае, што ўлады выкарыстоўваюць такую ж тактыку як пера выбарамі. Актывістаў саджаюць на нейкі тэрмін і выпускаюць раней. А потым бліжэй да выбараў іх зноў арыштоўваюць, каб яны дасіжвалі свой тэрмін.
25 сакавіка ў Беларусі плануюцца значныя акцыі пратэсту з якіх можа пачацца новы этап вулічнага супрацьстаяння. Вось тады, відавочна, Міхаіла і забяруць "дасіжваць". Такую выснову можна зрабіць і па іншых дзеяннях уладаў у Оршы. так, у сілавыя органы выклікалі некалькіх актывістаў, якім давалі пад распіску азнаёміцца са зменамі ў адміністратыўны кодэкс якія тычацца масавых мерапрыемстваў. Юрыдычна гэтыя распіскі нічога не вартыя, але па факту суд ведаючы, што чалавек распісаўся за "азнаямленне" дае большыя тэрміны.