Тыдзень таму журналісты і абаронцы спадчыны заўважылі сядзібу Цюндзявіцкіх у Талачынскім раёне ў спісе на знос. Сядзіба канца 19-га стагоддзя мусіла б знаходзіцца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але, як гэта нярэдка бывае ў Беларусі, яна туды не патрапіла і аніякага ахоўнага статуса не мае.
Міністэрства культуры аператыўна адрэагавала на скаргі беларусаў, паведаміў тэлеграм-канал "Спадчына". Яно звярнулася да Камітэта дзяржмаёмасці Віцебскай вобласці з просьбай выключыць будынак казначэйства ў Дзісне і сядзібу Цюндзявіцкіх у вёсцы Галошава Талачынскага раёну са спісу пад знос, паколькі гэтыя аб'екты "могуць валодаць прыкметамі да надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці".
Віцебскаму аблвыканаму рэкамендавана прапацаваць пытанне аб наданні гэтым будынкам ахоўнага статусу.
Самы вядомы выхадзец роду Цюндзявіцкіх — Міхаіл Цюндзявіцкі, паплечнік Каліноўскага і ўдзельнік вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў, быў расстраляны расейскімі акупацыйнымі ўладамі. Маёнтак пабудавалі ўжо пасля яго смерці. Ён быў вельмі багатым, але пасля рэвалюцыі 1917 году яго ўладальнікі збеглі ад пераследу бальшавікоў у Польшчу, а там збяднелі. У самім будынку пры СССР была школа, якая пазней зачынілася.