Трэба разумець, што 7220 - гэта не адна кампанія, а некалькі, якія працуюць на адным нумары дыспетчарскай службы. Тая кампанія пра якую тут пойдзе гаворка юрыдычна знаходзіцца ў Віцебску, а яе машыны працуюць у некалькіх гарадах. Прынамсі ў Оршы працавала парадку 25 машынаў. Назву кампаніі пакуль мы не называем.
Кампанія працавала на нумары 7220, але большасць заказаў атрымлівала праз сэрвіс Яндэкс-таксі. У суботу 1 траўня кіраўніцтва кампаніі выклікала ўсіх сваіх работнікаў на цэнтральную базу ў Віцебск дзе абвесціла, што кампанія часова не працуе. Прычына - праверка фінансавай дзейнасці кампаніі з боку сілавікоў, якая фактычна заблакавала работу фірмы. Усіх работнікаў папрасілі пакінуць машыны на паркоўцы разам з дакумантамі. Хаця многія работнікі спадзяюцца, што работа кампаніі спынена часова і яны яшчэ вернуцца да абслугоўвання кліентаў, падобна, што праблемы доўгатэрміновыя. Бо ў сеціве з'явілася адразу больш за дзесятак аб'яваў аб продажы легкавых аўтамабіляў з атрыбутыкай Яндэкса ў Віцебску.
Для Оршы гэта азначае значнае змяньшэнне машынаў таксі і страту працы для некалькіх дзесяткаў чалавек. Ужо ў нядзелю па горадзе больш чым у іншыя нядзелі можна было назіраць так званую "фіялетавую зону" - калі з-за вялікага попыту і недахопу машынаў, кошт на паездкі ў таксі становіцца часова даражэйшым.