У гэтым годзе тытулаваны беларускі клуб «Вітэн» выступае асабліва ўдала. Каманда хоць і вылецела з Лігі чэмпіёнаў ад сур’ёзнага суперніка — «Кайрата» з Алматы, а таксама ў першым раўндзе Кубку краіны ад гарадзенскага «Дынама-УУС», аднак у чэмпіянаце громіць усіх запар — 22 перамогі ў 22 матчах! Натуральна, гэта не засталося без увагі, і «чырвона-чорных» уключылі на Дошку гонару Оршы і Аршанскага раёну.
«На плошчы перад будынкам Аршанскага райвыканкаму сабраліся кіраўнікі і прадстаўнікі арганізацый розных галін, а таксама работнікі, прызнаныя лепшымі па выніках працы ў 2020 годзе. На абноўленай Дошцы гонару ў цэнтры горада — партрэты 32 чалавек, 6 найлепшых арганізацый і столькі ж працоўных калектываў. Прамыслоўцы, аграрыі, энергетыкі, педагогі, медыкі, спартоўцы, культработнікі і г.д. Сярод найлепшых і наш клуб!» — напісала на сайце прэс-служба «Вітэн».