Аршанцы трапілі ў серыю няўдач, саступіўшы ў чатырох матчах Першай лігі запар. Затым іх чакаў яшчэ адзін матч чэмпіянату з «Лідай» і паядынак Кубку Беларусі з «Капылём». Гульня супраць «Ліды» атрымалася цікавай і па-свойму відовішчнай. Гол у аршанцаў забіў Дзмітрый Луцік, забілі і госці — нічыя 1:1. Пасля такога выніку пазіцыя сіня-белых у турнірнай табліцы не змянілася, згуляўшы 7 матчаў аршанцы па-ранейшаму на перадапошнім, 11-м месцы.
Затым каманду Мікалая Бранфілава чакала сустрэча з «Капылём» у нацыянальным кубку. Гульня стадыі 1/32 фіналу завяршылася перамогай больш «статуснай» каманды — «Оршы» з лікам 4:0. забівалі Зянько, Луцік, Жалезнікаў і адзін мяч капыляне забілі ва ўласную браму. Неўзабаве аршанцы даведаюцца, з кім згуляюць у 1/16 фіналу.
Другая ж аршанская каманда — «АвіяДар» з Кубку Беларусі выляцела яшчэ ў стартавым раўндзе, у 1/128 фіналу, саступіўшы ў дадатковы час талачынскай «Ніве» 1:3. У чэмпіянаце краіны ў Другой лізе справы «авіятараў» ідуць няблага — напярэдадні яны разграмілі ў Балбасаве каманду Чашнікаў 5:0.