Аршанская каманда перамагла ва ўсіх 27 матчах, праведзеных перад тым, як выйсці ў фінальную серыю. Але фінал — асобная гісторыя. Тут чэмпіёнскі кубак быў блізка, але разам з тым давялося прайсці праз агромністыя выпрабаванні ў змаганні з гомельскім ВРЗ. У першым матчы чырвона-чорныя справіліся з супернікам — 5:3 на ўласнай пляцоўцы.
А вось у 29-м матчы чэмпіянату, які быў другой гульнёй фінальнай серыі, аршанцы ўпершыню саступілі. За паўтары хвіліны да фінальнай сірэны, якая магла азначаць овертайм, ВРЗ забіў пераможны мяч — 3:2. Першая параза «Вітэна» ў першынстве, і лік 1-1 у серыі.
А 24 чэрвеня аршанцы ўпершыню саступілі на сваім паркеце. Хатняя сустрэча з ВРЗ у спартовым комплексе на вуліцы Тараса Шаўчэнкі скончылася паразай 2:5. Лік у серыі стаў 1-2 на карысць ВРЗ, што азначала для гомельскіх гульцоў адну перамогу дзеля заваявання тытулу.
Аднак «Вітэн» зразумеў, што ў праведзеным нагэтулькі ідэальна сезоне нельга ўпускаць перамогу. Паездка ў Гомель прыносіць перамогу 5:3 і пераводзіць серыю ў вырашальны матч!
Урэшце, 30 чэрвеня энергетыкі гуляюць ужо перад сваёй публікай і ў канцы 13-й хвіліны намаганнямі Якубава адкрываюць лік. Пятроў і Пераміцін у другім тайме даводзяць лік да 3:0! Але нязломны ВРЗ намаганнямі Мацвеенкі і Вароніна двойчы забівае — 3:2. Напруга трывае да самай сірэны, і ўсё ж аршанцам удаецца ўтрымаць перавагу. Перамога 3:2 як у матчы так і ў серыі!
«Вітэн» у 5-ы раз стаў чэмпіёнам Беларусі! Раней ён быў найлепшым у міні-футболе краіны ў 2007, 2008, 2013 і 2020 гадах. Рэдакцыя Orsha.eu віншуе ўвесь калектыў «Вітэна» з заваяваннем залатых медалёў!