Напэўна ўжо ўсе размаўлялі з "супрацоўнікамі банкаў", якія казалі, што на іх спрабуюць аформіць крэдыт, а каб перабіць работу банкаўскай сістэмы трэба выслаць грошы на такі-та рахунак. Многія нават патраплялі на такія махінацыі і перлічвалі грошы не зважаючы на тое, што званілі ім з тэлефонных нумароў і мэсэнджэраў з не беларускім кодам.
Махляры пайшлі далей... Нядаўна 57-гадоваму аршанцу пазванілі па той жа схеме, але прадставілі супрацоўнікамі міліцыі. Пачатак размовы быў традыцыйным: жанчына якая званіла сказала, што на яго імя афармляецца ліпавы крэдыт, але як "супрацоўніца міліцыі" прапануе яму паўдзельнічаць у "спецаперацыі" па тым, каб злавіць махляроў. Дзіўна, але мужчына пагадзіўся. Нават пагадзіўся нікому не расказваць пра здарэнне ў інтарэсах таямніцы следства. Далей таксама ўсё было як звычайна: аршанец аформіў два тэрміновых крэдыты і выслаў грошы махлярам. Агулам у "міліцыю" пайшло 17.600 рублёў.