З аднаго боку інфармацыя якую апублікавала ў тэлеграме суполка "Милиция Витебщины" падцверджвае затрыманне на фэсце. Дакладней, затрыманне перад фэстам. Бо ён мусіў распачацца не раней за 20-30, а затрыманне па інфармацыі міліцыі адбылося а 20-00. Было затрымана 3 мужчыны 36, 62 і 64 гадоў. З гэтага відавочна вынікае, што быў затрыманы Юрка Копцік. Па нашых уяўленнях, другім затрыманым якога выпусцілі пад падпіску пра абавязковую яўку мог быць мужчына з інваліднасцю, 36-гадовы мужчына мог быць жыхаром Бабінічэй.
З іншага боку, матэр'ял міліцыі пачынаецца са словаў: "В интернет-источниках распространяется недостоверная информация о задержании участников феста "Оршанская битва"." І тлумачыцца чаму гэта былі не ўдзельнікі фэсту. Таму, што ў Аршанскі выканкам заявак на правядзенне фестывалю не паступала. То бок, такая дзіцячая пазіцыя: калі я гэтага не ведаю, значыць гэтага і не было. Хаця за ўсю 30-гадовую гісторыю фестывалю заявак на яго правядзенне ніколі і не падавалася, што ніколі не перашкаджала фестывалю быць фестывалем.
Ну, і апошняе: у чым жа вінавацяць затрыманых? А ў тым, што яны ў лесе праводзілі несанкцыянаванае мерапрыемства з выкарыстаннем пратэстнай сімволікі. У падцверджанне міліцыя падае фотаздымак месца на якім павінны былі выступаць чаканыя музыкі. Такая пляцоўка выкарыстоўваецца на фестывалі ў апошнія некалькі год.