У прынцыпе да таго ўсё ішло. Некалькі месяцаў таму ўжо паведамлялася, што прадпрыемства збанкрутавала, а цяпер зразумела, што яно не зможа аплаціць свае пазыкі нават прадаўшы ўсе актывы, якіх засталося не так і шмат. Таму справу перадалі ў суд і суд вынес рашэнне пра поўную ліквідацыю арганізацыі, што зойме 8 месяцаў.
Прадпрыемства працавала з 2005 года і павінна было стаць асноўны экспарцёрам беларускага льна з цэнтрам у Оршы. Але як і ў значнай частцы дзяржаўных прадпрыемстваў, справы не пайшлі — дзрэава кепскі прадпрымальнік, а 92% акцыяў належала аблвыканкаму.
Некаторыя пакупнікі не маглі адразу разлічыцца з арганізацыяй і з іх боку ўтварылася запазычанасць прыблізна ў 160.000 рублёў. Але яшчэ больш прадпрыемства назапазычала само. Агульная запазычанасць перад пастаўшчыкамі дайшла да 627.000 рублёў. У сувязі з пандэміяй — паведамляе БелТА — сітуацыя яшчэ больш пагоршылася і тыя грошы, якія арганізацыя атрымлівала як перадаплату ішлі на заробкі калектыву. Гэта амаль заблакавала знешнеэканамічную дзейнасць і давяло прадпрыемства да поўнай ліквідацыі. Пры гэтым, нават калі прадпрыемства прадасць усе свае актывы: памяшканні, транспартныя сродкі і абсталяванне, то яно зможа сабраць толькі 520.000. Такой сумы не хопіць, каб разлічыцца з крэдыторамі.