Праблемы з доступам да нашага сайту прымушаюць са спазненнем паведаміць чытачам вынікі элітнага раўнду Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. Як раней мы адзначалі, аршанскі «Вітэн» адправіўся ў расейскую Цюмень на матчы.
На вялікі жаль, усе тры матчы групы чырвона-чорныя прагулялі сваім супернікам. У першым туры ўпартая барацьба з казахскім «Кайратам» з Алматы пачалася голам аршанцаў, але ўрэшце вікторыю святкавалі супернікі 3:2.
У другім туры з такім жа лікам беларусы саступілі расейскай «Цюмені», прычым і ў гэтым туры «Вітэн» паспеў весці ў ліку, але растраціў перавагу.
У заключнай сустрэчы элітнага раўнду адбылася «перастрэлка» з французскім «Аньер-Вільнёвым». Толькі ў гэтым матчы аршанцы пастаянна былі ў адставанні і ўрэшце саступілі 5:10.
У выніку «Вітэн» стаў апошнім у групе і не прайшоў у наступны этап Лігі чэмпіёнаў.