Нягледзячы на вялікія страты, якія нясе беларускі Парк высокіх тэхналогій праз палітычныя рэпрэсіі і, як наступствы, сыход буйных прыбытковых фірмаў з нашай краіны, у «рэжымнай» ІТ-сферы спрабуюць рабіць выгляд, што ўсё наўкола рухаецца толькі шляхам прагрэсу.
«Разнастайныя адукацыйныя праекты, IT-акадэмія, цэнтр падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва ў Аршанскім раёне робяць рэгіён важным цэнтрам IT-адукацыі», — сказаў дырэктар ПВТ Усевалад Янчэўскі.
Ён дадаў, што цяпер з «развіццём лічбы, інтэрнэту, з’яўленнем так званых метасусветаў, канцэпцыі Web 3.0 сродкі медыякамунікацыі будуць гуляць яшчэ больш значную ролю. У Воршы, па словах Янчэўскага, ПВТ сканцэнтраваўся менавіта на адукацыйных праектах.
Дэбютны праект «Праграмаванне ў асяроддзі Scratch», які стартаваў у 2016 годзе ў школах Аршанскага раёну, Віцебска і Наваполацка, даў аснову для стварэння дзяржаўнай праграмы па адукацыі навучэнцаў 2-6 -х класаў гэтай базавай мове праграмавання.
Пілотны праект «Інфарматыка без разеткі», у якім выхаванцаў дзіцячых садкоў Воршы ва ўзросце 5-7 гадоў навучалі алгарытмічнай пісьменнасці, з 2019 года вырас у маштабную праграму. У гэтым навучальным годзе ў ім удзельнічаюць каля 5 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак з больш як 300 дашкольных устаноў краіны. Асаблівасць праекту ў навучанні дзяцей без выкарыстання кампутара. Адукацыйны працэс будуецца на дыдактычных гульнях, якія дапамагаюць развіваць лагічнае мысленне дзяцей.
Па розных звестках — каля 15–20 тысяч прадстаўнікоў ІТ-сферы выехалі за мяжу, найчасцей са сваімі сем'ямі. Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі раней адзначаў, што павышэннем падатку на ПВТ Лукашэнка фактычна перакрэсліў свой жа дэкрэт аб падтрымцы гэтай сферы.