Перад стартам Першай лігі ўжо некалькі журналістаў напісалі пра вялікія фінансавыя праблемы ў футбольнага клуба «Ворша». Вядомы канал у тэлеграме «Серебряный век», які дзеліцца інсайдамі пра падзеі ў беларускім футболе, мае інфармацыю, што ў Воршы так і не выплацілі даўгі перад былым трэнэрам Юрыем Канаплёвым і футбалістамі Дзмітрыем Жданком і Аляксеем Хадневічам. Выканкам, згодна з інфармацыяй крыніцы, толькі выпісаў «гарантыйныя пісьмы», але гэта толькі як абавязанні заплаціць пазней.
Імаверна, гэта рабілася дзеля таго, каб клубу дазволілі рэгістраваць новых футбалістаў. Аднак да пачатку чэмпіянату толькі тыдзень, і аршанцы ў любым выпадку не паспеюць «згуляць» калектыў да сезону. А гэта значыць, што праблемы з вынікамі ў каманды могуць паўстаць ужо на самым пачатку першынства.
Усё гэта адначасна сведчыць і пра тое, што фінансавы стан горада знаходзіцца на нізкім узроўні. І таму райвыканкам пачынае пазбаўляцца «нявыгадных актываў». Раней у горадзе адмовіліся ад мужчынскай валейбольнай каманды «Узлёт», таму на спорце эканамічны стан таксама адбіўся.
Павышэнне падаткаў для грамадзян, якое адбылося па Віцебскай вобласці, імаверна, дазваляе ўладам хіба крыху амартызаваць прасадку эканамічных паказчыкаў, але ніяк не спрыяе стварэнню новых праектаў ці падтрыманню старых.