З-за правядзення ў Менску чэмпіянату свету па хакеі практычна ўсе футбольныя гульні, папярэдне прызначаныя на травень, былі вынесеныя за межы сталіцы. Гэта вельмі істотна адбілася на календары 2-й лігі і, у прыватнасці, распарадку сустрэчаў "Оршы".
Калі "сіня-белыя" пачыналі чэмпіянат з 4-х запар хатніх паядынкаў, то цяпер змушаныя былі цэлы летні месяц ездзіць па чужых гарадах. Прычым 3 з 4-х матчаў у гасцях аршанцы правялі ў Менску. Вынік цяжкой гасцявой серыі амаль ідэальны - 10 пунктаў з 12 магчымых, і "Орша" пасля 15 тураў мае 37 балаў і займае 1-е месца ў табліцы. У "Жлобіна" 35.
Больш за тое, у 2014 годзе наша каманда прайграла толькі аднойчы - у Кубку Беларусі "Горкам", у чэмпіянаце з улікам мінулага сезону клуб не прайграе ўжо 16 гульняў!
У 16-м туры "Орша" згуляе на Гарадскім стадыёне з "Асіповічамі", што маюць 25 пунктаў і ідуць 4-мі, маючы выдатныя шанцы на праход у фінальны раўнд. Гульня камандаў у першым коле завяршылася ўнічыю 1:1. А ў цэлым за тры апошнія сезоны "Орша" перамагала двойчы, асіпаўчане чатыры разы. І што цікава - усе тры апошнія гульні на сваім полі "Орша" суперніку прайграла.
Але будзем спадзявацца, гэтая крыўдная традыцыя будзе парушаная 10 жніўня. Гульня пройдзе на Гарадскім стадыёне і пачнецца а 18:00.
Фрагмент матчу "Асіповічы" - "Орша" (2:3), праведзенай у 2012 годзе.