Турнірныя "інтрыгі" 2-й лігі чэмпіянату Беларусі па футболе прымушалі аршанцаў перамагаць "Асіповічы", бо супернік можа выйсці ў фінальны этап, пуцёўку ў які "сіня-белыя" амаль аформілі. А ў фінальным этапе будуць улічвацца пункты, набраныя паміж лепшымі камандамі зоны. Была і іншая важная матывацыя абавязкова выйграць матч: аршанскія аматары футбола сталі з засцярогай ставіцца да асіпаўчанаў, бо папярэднія шэсць (!) хатніх матчаў супраць "зялёна-белых" нязменна завяршаліся паразай "Оршы", і гэта пры тым, што "Асіповічы" ніколі за гэтыя гады паўнапраўна не ўваходзілі ў кагорту лідэраў! Заўзятары сталі казаць пра нейкі праклён, які вісіць над любімым клубам у матчах з дадзеным супернікам.
Падчас матчу стаяла даволі спякотнае надвор'е, таму, нягледзячы на позні пачатак гульні (а 18:00), футбалістам было крыху складана весці канструктыўныя дзеянні. Паядынак пачаўся атакамі "Асіповічаў", але аршанцы адбіліся. У другой палове першага тайму "Орша" стала падбірацца да брамы гасцей. Сур'ёзных момантаў для ўзяцця практычна не было, яны з'явіліся толькі ў другім тайме. Ён прайшоў пераважна ў атаках "Оршы", але "Асіповічы" не проста не стаялі на месцы, а даволі рэгулярна гасцявалі ў нашай штрафной, рэальна пагражаючы браме. Аднак брамнік аршанцаў Яўген Гудзенка упэўнена знаходзіўся "на пазіцыі". Пасля пары ўпушчаных бліскучых момантаў стала здавацца, што ў гэты вечар "Оршы" не дамагчыся поспеху. Тут якраз і спатрэбіўся Аляксандр Лужанкоў. На 80-й хвіліне форвард, узняты з запасу, трапна стрэліў па браме гасцей - 1:0! Праз тры хвіліны асіпаўчане маглі звесці матч унічыю, але небяспечны ўдар галавой "накрыў" Гудзенка. Апошнія хвіліны праходзілі на нервах, забіць маглі і гаспадары, і госці, але лік застаўся ранейшым. "Орша" перамагае 1:0 і абрывае няўдалую серыю ў матчах з "Асіповічамі" на родным стадыёне!
Больш за тое - "Орша" працягвае бяспройгрышную серыю, якая з улікам мінулага чэмпіянату складае ўжо 17 гульняў! Наша каманда ўзначальвае табліцу зоны "А" з 40 пунктамі. "Жлобін" мае 38, "Ждановічы" 29, "Віцебск"-2 - 27, "Асіповічы" 25, "Прамень" 24, "Прыазёр'е" і "Дняпро" Рагачоў па 20, "Вертыкаль" 16, "Спартак" Шклоў 14, "Славянін" і СКВІЧ па 5.