Канфліктная сітуацыя ўзнікла паміж жыхарамі дома нумар 7 па вуліцы Міра і Агракамбінатам "Юбілейны". У гэтым доме на днях адкрыўся фірмовы магазін "Юбілейнага". У сувязі з гэтым запланавана добраўпарадкаванне пад'язнога шляху для выгрузкі тавараў у краму. Па той схеме, якую прапанаваў дырэктар агракамбіната, дваровая тэрыторыя ператворыцца ў стаянку аўтатранспарту, скароціцца і без таго малая тэрыторыя для дзіцячай пляцоўкі, прыбяруцца дрэвы, пасаджаныя для добраўпарадкавання. Прапануецца ў двары 160-кватэрнага дома ўсталяваць кругавы рух аўтатранспарту.
Абураныя жыхары напісалі калектыўны ліст у райвыканкам. Яны спадзяюцца на дапамогу ўладаў у вырашэнні канфліктнай сітуацыі і прапануюць альтэрнатыўны варыянт перапланіроўкі тэрыторыі.
Двор дома па вуліцы Міра, 7 у савецкія часы лічыўся ўзорна-паказальным. А зараз ён уяўляе велізарную неўладкаваную тэрыторыю, застаўленую машынамі. Некалькі гадоў таму гэты двор быў уключаны ў праграму "Двары" і павінен быў падлягаць капітальнаму добраўпарадкаванню. Аднак грошай не знайшлося і ўсё добраўпарадкаванне звялося да ўстаноўкі ў двары чатырох найпростых лавак (два бярвёны і дошка-ашэстак). Акрамя таго, у доме, размешчаным у самым цэнтры горада, да гэтага часу няма гарачай вады.