Віктар Бугаёў, былы зняволены з горада Дуброўна Віцебскай вобласці, не пакідаючы спробаў аспрэчыць прысуд, па якім адбываў пакаранне, спрабуе адшукаць у сваёй крымінальнай справе канцы, якія мясцовыя праваахоўнікі паспрабавалі схаваць у ваду, каб не ўсплыла праўда.
Як паведамляў раней ПЦ «Вясна», калі падчас паўторнага азнаямлення з крымінальнай справай былы зняволены пажадаў прагледзець відэакасету, якая, як сцвярджалася ў прысудзе, была прагледжана ў судовым пасяджэнні, высветлілася, што відэакасета ў суд ніколі не паступала. Ні са справай, ні іншым чынам. Так выйшла, што суддзя пра гэта сказала пры ўключанай функцыі запісу на тэлефоне Віктара Бугаёва. Таму ён быў вымушаны азадачыць Следчы камітэт новай праблемай - ці няма ў дадзенай сітуацыі прыкметаў крымінальнага злачынства.
У прысудзе суда выснова пра вінаватасць В. Бугаёва заснавана, у тым ліку, на паказаннях сведкі Д.Серады. Аднак у судовае пасяджэнне той не з'яўляўся, таму суд толькі аб'яўляў яго паказанні. Допыт названага сведкі на дасудовай стадыі вытворчасці па справе ажыццяўляўся следчым з выкарыстаннем відэазапісу.
Як высветлілася, відэакасеты з запісам допыту, якая ў суд не паступала, таксама няма і ў "пераемніка" следчага аддзела РАУС - у Дубровенскім раённым аддзеле Следчага камітэта. А паколькі Дубровенскі РАСК пачаў сваю дзейнасць з 01.01.2012 года, то і спытаць з яго, як лічыць А.Цімошчанка, які часова выконвае абавязкі начальніка Дубровенскага РАСК,няма чаго. Выконваючы абавязкі начальніка аддзела па працы з грамадзянамі Следчага камітэта В. Жукоўскі клапатліва прапанаваў былому вязню звярнуцца з адпаведным зваротам у орган крымінальнага пераследу, які вёў папярэдняе расследаванне па справе. Вось толькі гэты орган - следчы Дубровенскага РАУС, завяршыў сваю дзейнасць тады ж, калі замест міліцыі расследаванне стаў ажыццяўляць Следчы камітэт.
Пры гэтым якойсьці падставы для правядзенні праверкі Следчы камітэт не бачыць. Быў запіс, які па правілах артыкулаў 193 і 219 КПК Рэспублікі Беларусь належала захоўваць пры крымінальнай справе і па заканчэнні папярэдняга расследавання апячатаць, - і прапаў. А справы да гэтага нікому няма.
Суд пра гэта таксама не турбуецца - ён гэтай відэакасеты не атрымліваў. Суддзя, выходзіць, абвясціў паказанні сведкі і не занепакоіўся адсутнасцю відэазапісу. Ну, гэта як раз і нядзіўна - там яшчэ і не такое здараецца: нядаўна вырашыў В. Бугаёў зрабіць копію крымінальнай справы, а там лістоў не хапае.
Пасля ліста 306 адразу ідзе 311 (Гл.фота: на апошнім кадры бачна, што са справы выразаліся лісты). І добра б, зніклі нейкія сумныя даведачкі-суправаджальныя – дык не, нескладаны аналіз прыводзіць да высновы аб тым, што знікла як мінімум касацыйная скарга абаронцы-адваката. Цікава, судзейскае кіраўніцтва і Следчы камітэт таксама не знойдзе падставаў для рэагавання? Ці меркаванне адваката па выніках разгляду справы зноў нікому не цікавае?
Таксама раней мы згадвалі сітуацыю, калі выконваючы абавязкі начальніка РАУС Станіслаў Сцепанькоў накіраваў у ПК-17, дзе адбываў пакаранне В. Бугаёў, інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці. Гэты эпізод зноў стаў прадметам праверкі па заяве былога зняволенага, па выніках якой у ліпені 2014 года начальнік УСК па Віцебскай вобласці В.Шалухін паведаміў, што па выніках праверкі ад 10.11.2011 г., праведзенай ГУУБ МУС, парушэнняў у дзеяннях С.Сцепанькова не ўстаноўлена. Але вось цытата з гэтага заключэння: «У названай інфармацыі сапраўды ўтрымліваецца некарэктнае выказванне ў частцы вашай прыналежнасьці да арганізаванай злачыннай групы ... Разам з тым, ставіць пытанне аб прыцягненні Сцепанькова С.С. да дысцыплінарнай адказнасці ў цяперашні час немэтазгодна з прычыны заканчэння адпаведных тэрмінаў ... ». Гэта хіба не парушэнне? Дарэчы, сам С.Сцепанькоў сцвярджаў, што накіраваў у калонію толькі тыя звесткі, якім размяшчаў Дубровенскі РАУС. Можа і так, але ў матэрыялах крымінальнай справы ёсць характарыстыка В. Бугаёва, якую ў 2008 годзе склаў начальнік ААПП Дубровенскага РАУС, згодна з якой той жыве з сям'ёй, зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, апошні раз прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за два гады да гэтага (у 2006 годзе) за рэалізацыю адной пляшкі гарэлкі вытворчасці РФ. Адкуль тады ўзяў дадзеныя пра злачынныя планы і намеры Бугаёва Станіслаў Сцепанькоў?