Сёння ў судзе па справе праваабарончага цэнтру "Вясна" прайшлі спрэчкі бакоў. Галоўны іх вынік шакаваў інфармацыйную прастору - кіраўніку "Вясны" Алесю Бяляцкаму пракурор запрасіў 12 гадоў калоніі. Сябры "Вясна" ўжо выказаліся на гэтую тэму. Так, юрыст арганізацыі Павал Сапелка сказаў, што не чакаў нейкіх неспадзяванак. Але ж такі вялікі тэрмін лічыць проста безчалавечным.
Іншым вясноўцам, якія праходзяць па справе, таксама запрапанавалі вялікія тэрміны. Валянціну Стэфановічу - 11 гадоў, Уладзіміру Лабковічу - 9 гадоў. А Зміцеру Салаўёву, якога судзяць завочна - 10 гадоў.
Галоўнае ў чым абвінавацілі нобелеўскага лаўрэата - фінансаванне пратэстаў. Гэта абвінавачанне грунтуецца на тым, што арганізацыя дапамагала аплочваць штрафы несправядліва суджаным па палітычных матывах людзям. Другое абвінавачанне з'явілася ўжо пад час следства - кантрабанда арганізаванай групай. Па гэтым артыкуле правабаронцаў вінавацяць, што грошы на штрафы яны вазілі з-за мяжы. Хаця ні разу не было прэцэндэнту калі б гэтыя грошы былі затрыманыя на мяжы, бо ўсё правозілася паводле закона.
Канешне, гэта толькі прапанова пракурора да суда. Але практыка паказвае, што пасля 2020 года суды даюць менавіта столькі колькі запрошваюць пракуроры - максімальнае пакаранне.