Вялікія маляўнічыя плакаты ў гонар юбілею бітвы пад Оршай з'явіліся на вуліцах Берасця. Іх, як стала вядома charter97.org, распаўсюдзілі актывісты ініцыятывы "Вольны горад". На плакатах намаляваны рыцар пад бел-чырвона-белым сцягам.
Бітва на Крапівенскім полі адбылася 8 верасня 1514 г. падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі маскоўскія войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Канстанцін Астрожскі. Менавіта ён быў на чале 30-тысячнага беларускага войска, якое цалкам разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска.
Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 80-х. А ў 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Мінску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Менску былі прыведзеныя да прысягі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Тады ўдзельнікі гэтай прысягі падвяргаліся ціску з боку ўладаў, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.