У Вярхоўным судзе ў Мінску сёння распачаўся разгляд апеляцыі лідараў прафсаюза РЭП. На лаве падсудных Генадзь Фядыніч, Вацлаў Арэшка і аршанец Васіль Бераснеў. Звычайна апеляцыіі, тым больш па палітычных справах, праходзяць вельмі дзяжурна, хутка і прадказальна. Але тут нешта пайшло не так як звычайна.
Незвычайныя рэчы пачаліся з таго, што ў залю суда не пусцілі родзічаў падсудных. Ад пачатку суда слова далі адвакатам асуджаных, а потым амаль адразу ж абвесцілі перапынак. Звычайна ў апеляцыйных судах перапынкаў не бывае, бо ўсё і так зразумела і суд падцвярджае ранейшае пакаранне. У дадзеным жа выпадку суд быў перанесены на панядзелак. Чакаць нейкіх прынцыповых зменаў прысуду не даводзіцца, але падобна на тое, што ўлады вядуць нейкі дыпламатычны гандаль гэтымі палітвязнямі. Бо справа прафсаюза РЭП на кантролі ў дастаткова ўплывовай Міжнароднай арганізацыі працы.