Васіль Бераснеў у Оршы была заўважная фігура. У першыя гады незалежнасці ён старшыня раённага Савета дэпутатаў - структура дастаткова сімвалічная, але ў тыя часы яна мела аўтарытэт. З прыходам да ўлады Лукашэнкі, Бераснеў сыходзіць з пасады і вяртаецца на пасаду дырэктара Высокаўскай вучэльні. Але ў палітыцы ён толькі пачынае - уступае ў Сацыял-дэмакратычную Грамаду.
Калі партыі губляюць свой уплыў у канцы 90-х, то Бераснеў усё больш займаецца правамі чалавека - у Оршы ён узначальвае Беларускі хельсінскі камітэт, які маніторыць сітуацыю з правамі і дапамагае людзям у судзе (тады яшчэ працаваў інстытут грамадскіх абаронцаў чым і карысталіся грамадскія арганізацыі). А гадоў 10 таму ён пачынае актыўна ствараць у нашым рэгіёне Прафсаюз РЭП.
Структура хутка становіцца дастаткова масавай, літаральна за некалькі месяцаў набірае пад 200 сябраў, рэгулярныя юрыдычныя кансультацыі, абарона людзей перад наймальнікам. Насамрэч дзесяткі людзей не толькі з Оршы і не толькі сябраў прафсаюза атрымліваюць дапамогу.
Хаця суд адбываецца ў закрытым рэжыме, становіцца вядома, што менавіта праца ў прафсаюзе і становіцца асноўным абвінавачаннем для Бераснева. Яго і іншых кіраўнікоў прафсаюза вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання. То бок, прафсаюз некалькі дзесяцігоддзяў працаваў цалкам у легальным полі і раптам становіцца экстрэмісцкім.
На дадзены момант Бераснеў знаходзіцца на Валадарцы, але з дня на дзень мусіць быць пераведзены ў нейкую іншую турму. Як толькі мы будзем ведаць яго новы адрас, то апублікуем яго.