Пакуль Аршанскі райвыканкам яшчэ не даў афіцыйнага адказу Нацыянальнаму камітэту па святкаванні юбілею перамогі ў Аршанскай бітве. Але надзея на дазвол, безумоўна ёсць. Узгадаем словы прадстаўніка райвыканкама — намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Гарбачова, якія ён сказаў раней у інтэрв'ю "Аргументам и фактам":
У гэтым годзе ўсё будзе як звычайна: 8 верасня на Крапівенскім полі збіраюцца нашы актывісты, праводзяць там канцэрт бардаўскай песні, невялікі мітынг. Мы проста аказваем ім садзейнічанне. Я чуў, што Літва збіраецца святкаваць юбілей бітвы. Але ў нашай краіне чамусьці Аршанская бітва недаацэненая.
Словы чыноўніка сведчаць аб тым, што дзяржава не будзе ладзіць "ад сябе" святкаванне вялікай перамогі пад Оршай, але і не збіраецца замінаць людзям адзначыць знакамітую вайсковую перамогу нашых продкаў.
Паводле праграмы мерапрыемства, выкладзенай у заяўцы на яго правядзенне, святкаванне будзе 6 верасня — у бліжэйшыя выходныя ад слыннай даты.
P.S. Як высветлілася ў выніку нашага дадатковага расследавання, магчыма, карэспандэнты АІФ не зусім дакладна выказалі пазіцыю аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. На самай справе сітуацыя з магчымасцю правядзення мерапрыемстваў на Крапівенскім полі застаецца нявызначанай.