У гэта яшчэ пару гадоў таму немагчыма было паверыць, аднак на дадзены момант "Орша" - адзіны клуб з усіх трох рэспубліканскіх ліг Беларусі, які ў бягучым чэмпіянаце да 31 жніўня не пацярпеў ніводнай паразы! Такіх каманд больш не засталося ні ў 2-й, ні ў 1-й, ні ў вышэйшай лігах! У "сіня-белых" вельмі добрыя шанцы на выхад у 1-ю лігу, дзе наша каманда не гуляла ажно з 2005 года.
Але ў любым выпадку ўсё вырашыцца ў фінальным раўндзе, у які пуцёўка ўжо аформлена. Там давядзецца гуляць з чатырма лепшымі клубамі зоны "Б". А пункты, набраныя з камандамі зоны "А" не будуць спісаныя, а будуць улічаныя ў табліцу. На дадзены момант у чацвёрцы лепшых нашай зоны, акрамя "Оршы" знаходзяцца "Жлобін", "Ждановічы" і "Віцебск-2". Другая гульня са жлобінцамі яшчэ наперадзе, а першую аршанцы выйгралі 3:0. У віцеблянаў аршанцы выйгралі двойчы, а са Ждановічамі набралі 4 балы з 6 магчымых. Выхад сталічнага "Промня" замест кагосьці з гэтых клубаў сітуацыю можа нават палепшыць, бо "Орша" двойчы перамагла гэты клуб. З яшчэ адным патэнцыйным удзельнікам фінальнае "пулькі" - "Асіповічамі" "Орша" ўзяла 4 балы з 6.
Выхаду ў 1-ю лігу чакае ўвесь горад і, у першую чаргу, тыя людзі, якія наведваюць матчы клуба. А фанаты "Оршы" на мінулым матчы вывесілі банэр "На пути в 1 лигу" і падчас матчу нагадвалі футбалістам пра агульную мару.